Беларус удзельнічае ў польскім нацыянальным адборы на «Еўрабачанне»

Беларускі стэндап-комік Дзмітрый Саўян хоча прадстаўляць Польшчу на «Еўрабачанні 2024» у Мальмё. У сваім TikTok ён паведаміў, што падаў заяўку на ўдзел у польскім Нацыянальным адборы.

Дзмітрый удзельнічае ў адборы пад псеўданімам Pan Savyan з песняй «W Kolorku Amaretto», якую ён выконваў падчас навагодняга канцэрту на польскім радыё «RMF FM». Раней выканаўца расказваў, што прыдумаў песню, выпадкова пачуўшы размову дзвюх жанчын, адна з якіх распавядала, што купіла кофту колеру амарэта. Гэта навеяла яму нешта з 1970-х і здалося вельмі паэтычным.

Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Дзмітрый жыў у Кіеве, выступаў як стэндап-комік, працаваў на тэлеканале «1+1», здымаўся ў серыялах. Потым пераехаў у Польшчу, дзе працягнуў кар’еру актора – зняўся ў адным з эпізодаў гістарычнага серыялу «Matylda», сыграў там рускага рэвалюцыянера.

9 студзеня польскае грамадскае тэлебачанне TVP аб’явіла аб старце Нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне 2024». Заяўкі для ўдзелу прымаюцца толькі ад грамадзян Польшчы, якім ужо споўнілася 16 гадоў. Дэдлайн падачы – 2 лютага. Сярод усіх заявак спецыяльная конкурсная камісія ў закрытым фармаце абярэ прадстаўніка Польшчы на «Еўрабачанні» у Мальмё.