Арганізатары паведамілі, што конкурс сёлета збярэ адну з найбуйнейшых жывых аўдыторый за апошнія гады. На дзевяць шоу ўжо прададзена каля 95 тысяч білетаў, а ў Вену плануюць прыехаць гледачы з 75 краін.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, найбольш білетаў набылі жыхары Аўстрыі, якая прымае конкурс. Далей у спісе — Германія, Вялікабрытанія, Швейцарыя, Францыя, Чэхія, Славакія і Нідэрланды. Сярод лідараў ёсць і краіны па-за Еўропай, у тым ліку ЗША, Аўстралія і Канада.
Для гасцей конкурсу ў Вене падрыхтавалі спецыяльны гарадскі дадатак ivie, які стаў афіцыйным гідам конкурсу. Ён даступны на iOS і Android і дапамагае арыентавацца ў лакацыях «Еўрабачання», знаходзіць фан-зоны і мерапрыемствы, а таксама ўдзельнічаць у інтэрактыўным квэсце па горадзе.
Адной з галоўных пляцовак для фанатаў стане Eurovision Village на Rathausplatz, які будзе працаваць з 10 па 17 мая. Тут запланаваныя штодзённыя канцэрты, выступленні артыстаў і трансляцыі жывых шоу на вялікіх экранах. Уваход вольны, а праграма разлічана на дзясяткі тысяч наведнікаў.
Акрамя гэтага, з 11 па 16 мая ў PraterDOME будзе працаваць афіцыйны EuroClub — месца сустрэч фанатаў і ўдзельнікаў конкурсу. Таксама ў праграме — цырымонія Turquoise Carpet 10 мая і спецыяльная фан-прастора Eurofan House ў Wien Museum з інтэрв’ю і сустрэчамі.