Афіцыйны сайт конкурсу апублікаваў анлайн-гід для наведвальнікаў «Еўрабачання 2024». Асноўнае мы пераклалі на беларускую мову.
Калі вы прылятаеце на самалёце, то хутчэй за ўсё, вы прызямліцеся ў аэрапорце Капенгагена, які знаходзіцца ўсяго ў 30 хвілінах язды на цягніку ад шведскага горада Мальмё. Мы ўжо распавядалі, як зручней даехаць і колькі каштуюць білеты на цягнік.
Апынуўшыся ў Мальмё, вы можаце падарожнічаць па горадзе на цягніку ці аўтобусе, выкарыстоўваючы рэгіянальную сістэму грамадскага транспарту Skånetrafiken. Прыкладанне Skånetrafiken – гэта самы просты спосаб падарожнічаць на аўтобусах і цягніках па Мальмё. Вы можаце набыць білет праз прыкладанне (уключаючы білет на цягнік з аэрапорта Капенгагена). Толькі не забудзьце актываваць свой білет перад пасадкай. Вы таксама можаце набыць білет на цягнікі ў аўтаматах, размешчаных на любой са станцый вакол Мальмё.
Эксклюзіўна для наведвальнікаў конкурсу Skånetrafiken прапануе два розныя тыпы білетаў, якія даюць вам неабмежаваную колькасць паездак на тыдзень «Еўрабачання». Абодва білеты сапраўдныя на працягу 8 дзён, з нядзелі 5 траўня па нядзелю 11 траўня ўключна:
- Еўрабачанне Сконэ: неабмежаваны праезд на аўтобусе і цягніку ў межах Сконэ (шырэйшага рэгіёна, у якім знаходзіцца Мальмё). Кошт – 350 шведскіх крон (каля 30 еўра).
- Еўрабачанне Сконэ/Капенгаген: Неабмежаваная колькасць паездак у і з Капенгагена на цягніку праз мост Эрэсунн, а таксама на аўтобусе і цягніку па ўсім Сконэ. Кошт – 700 шведскіх крон (каля 60 еўра).
Дадаткова афіцыйны сайт паведаміў, што любы чалавек, афіцыйна акрэдытаваны на «Еўрабачанне 2024», мае права на бясплатны праезд у межах гораду Мальмё (не датычыцца цягніка Капенгаген-Мальмё).