«Еўрабачанне 2024»: вынікі і высновы

EBU аб’явіў аб будучых напрамках развіцця песеннага конкурсу «Еўрабачанне» пасля незалежнага агляду падзеі 2024 года.

«Еўрабачанне 2024» многія медыя называюць самым скандальным за ўсю гісторыю. Незадаволенасць арганізацыяй конкурсу гэтага года выказвалі як прадстаўнікі розных дэлегацый, так і звычайныя гледачы. Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU), як арганізатар «Еўрабачання», не мог праігнараваць негатыўныя водгукі, таму пастанавіў правесці незалежны агляд падзеяў сёлетняга конкурсу і абвесціў а выніках гэтага агляду на сваім афіцыйным сайце 1 ліпеня.

Сёння EBU аб’яўляе аб заканчэнні незалежнага агляду і акцэнце, вызначаным на аснове агляду. У выніку агляду EBU вызначыў тры тэматычныя вобласці, каб разгледзець рэкамендацыі ў бліжэйшыя месяцы для ўмацавання і абароны наступнага «Еўрабачання» і ўсіх будучых мерапрыемстваў, каб гарантаваць, што яны працягваюць аб’ядноўваць аўдыторыю. Гэта: кіраванне і ўдзел EBU; бяспека і кіраванне рызыкамі; узаемадзеянне з аўдыторыяй, прыхільнікамі і СМІ.

Кіраванне і ўдзел EBU

Гэтая вобласць будзе вывучаць: удакладненне адказнасці розных кіруючых органаў EBU адносна спісу ўдзельнікаў, забеспячэнне ўліку шырокага спектра меркаванняў членаў; паўнамоцтвы кіруючых органаў і адказнасць асноўнай каманды «Еўрабачання»; ролю кіраўнікоў дэлегацый і абавязкі ўдзельнікаў.

Бяспека і кіраванне рызыкамі

Гэтая вобласць будзе вывучаць: паляпшэнне разумення правілаў «Еўрабачання» усімі групамі зацікаўленых бакоў, уключаючы артыстаў, з акцэнтам на спрашчэнне, кансалідацыю і паляпшэнне даступнасці; умацаванне існуючых пратаколаў кіравання крызіснымі сітуацыямі на «Еўрабачанні»; і ўмацаванне бяспекі і кібербяспекі арганізатараў з улікам павышаных патрэб.

Забеспячэнне шоу для шырокай аўдыторыі і шырокага ўзаемадзеяння

Гэтая вобласць будзе вывучаць: павышэнне супрацы з фан-клубамі, уплывовымі асобамі і СМІ для павелічэння ўзаемадзеяння на аснове каштоўнасцяў «Еўрабачання»; і забеспячэнне таго, каб конкурс і далей прыцягваў шырокую прайм-тайм аўдыторыю ўсіх узростаў.

Выступ Nemo падчас фіналу «Еўрабачання 2024». Фота: Corinne Cumming / EBU

Кіраўнік нарвежскай дэлегацыі Stig Karlsen, які яшчэ ў траўні быў занепакоены рэпутацыяй конкурсу «Еўрабачанне» і заклікаў EBU да камунікацыі з усімі зацікаўленымі бакамі для пошуку шляхоў вырашэння праблемы, 2 ліпеня пацвердзіў удзел Нарвегіі ў наступным годзе:

У EBU прызналі, што сёлета ў іх былі праблемы, і зараз яны працуюць над іх знішчэннем. І тое, што яны паведамілі нам на дадатак да таго, што было апублікавана ў звароце, гучыць вельмі добра. Таму зараз мы будзем працаваць канструктыўна і пазітыўна, каб Нарвегія ўдзельнічала ў «Еўрабачанні 2025». Мы будзем браць удзел!

Мы спадзяемся, што EBU паклапоціцца пра тое, каб конкурс «Еўрабачанне» не выкарыстоўваўся як палітычны інструмент, бо сёлета гэтага было шмат. Таксама важна, каб яны палепшыліся ў камунікацыі, кіраванні крызісамі і забеспячэнні бяспекі вакол падзеі.

А вось прадстаўнікі нідэрландскага вяшчальніка AVROTROS заявілі, што рады зменам, якія збіраецца зрабіць EBU ў арганізацыі «Еўрабачання 2025», аднак тэлеканал спачатку хоча пераканацца, што словы сапраўды ператворацца ў дзеянні, і таму пакуль што не пацвярджае ўдзел у конкурсе наступнага года.

Таксама ў сваім звароце EBU дадалі крыху статыстыкі, згодна якой «Еўрабачанне 2024» па сродках тэлебачання глядзелі больш за 160 мільёнаў чалавек з 37 краінаў свету. Калі ўзяць у разлік шматлікія лічбавыя платформы – гаворка будзе ісці ўжо пра сотні мільёнаў гледачоў. Мерапрыемства цяпер мае велізарны глабальны ахоп і ўпэўнена падыходзіць да свайго 70-га юбілею ў наступным годзе.

Фота выявы: EBU.