Арына Пехцерава, якая ў 2020 годзе прадстаўляла Беларусь на «Дзіцячым Еўрабачанні» і заняла пятае месца, вярнулася ў поле зроку тэлегледачоў праз праект «Фактор BY». Перад сваім выступам 16-гадовая спявачка шчыра распавяла, як пасля конкурсу сутыкнулася з негатывам і неразуменнем у школе. На момант «Еўрабачання» Арыне было ўсяго 12 гадоў, і яна спадзявалася на падтрымку ад сяброў і настаўнікаў. Аднак рэальнасць аказалася іншай.
«Калі я прыйшла ў школу ў першы дзень пасля «Еўрабачання», я думала, што ўсе мяне павіншуюць, скажуць, якая я малайчына. Але ў выніку я не пачула ніводнага віншавання. Адзінае, што мне сказалі, — “сядай, пішы кантрольную”. Адзін з настаўнікаў нават заявіў: “Мне пляваць на твой вакал, мне пляваць на ўсё, што ты робіш,”» — успамінае Арына.
Напрыканцы яна дадала, што цяпер не ўпэўнена, ці ўвогуле сцэна — гэта яе справа.

Арына Пехцерава ў школе. Скрыншот відэа: тэлеканал «Беларусь 1» (медыя кантралюецца беларускімі ўладамі)
Ці нармальна чуць такія словы ад настаўніка, і як гэта можа адбіцца на псіхалагічным стане падлетка? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да прафесійнага псіхолага Наталлі. Паводле яе слоў, такая рэакцыя настаўнікаў часта звязана з іх асабістымі якасцямі і ўзроўнем задаволенасці сваім жыццём:
«Падобныя выказванні з боку настаўнікаў у першую чаргу — гэта асабісты фактар чалавека, які іх выказвае. Калі настаўнік дазваляе сабе грубыя каментары накшталт “Мне пляваць на твой вакал”, гэта выклікае пытанні: наколькі гэты чалавек задаволены сваім жыццём і здольны ўбачыць нешта станоўчае ў іншых,» — тлумачыць Наталля.
Псіхолаг таксама адзначае, што такія словы могуць сур’ёзна траўмаваць падлетка, асабліва калі ён не атрымлівае дастатковай падтрымкі дома. Наталля падкрэслівае, што сітуацыя з Арынай магла стаць балючай менавіта праз атмасферу ў сям’і:
«Гледзячы на знешнасць дзяўчынкі, я магу дакладна сказаць, што ў яе з дзяцінства прысутнічае неўпэўненасць у сабе. І не толькі праз тое, што сказаў настаўнік. Думаю, яна чуе шмат крытыкі і патрабаванняў з боку бацькоў, і гэта можа выклікаць у яе адчуванне недахопу веры ў сябе. Магчыма таму негатыўныя словы настаўніка зачапілі яе па-больнаму,» — падкрэслівае Наталля.

Арына Пехцерава ў школе. Скрыншот відэа: тэлеканал «Беларусь 1» (медыя кантралюецца беларускімі ўладамі)
Выступленне Арыны Пехцеравай на «Факторе BY» атрымала высокую ацэнку: дзяўчынка атрымала «залатую кнопку» ад аднаго з чальцоў журы і адразу прайшла ў паўфінал.