Украіна абірае свайго прадстаўніка на «Еўрабачанне 2025»

Сёння, 8 лютага 2025 года, ва Украіне пройдзе фінал Нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне 2025». Улічваючы, што Беларусь больш не ўдзельнічае ў конкурсе, многія беларусы сочаць за ўкраінскім адборам, падтрымліваючы суседнюю краіну.

Фіналісты адбору

  • Влад Шэрыф — «Wind of change»
  • Абіе — «Дім»
  • MOLODI — «my sea»
  • Future Culture — «Waste My Time»
  • Маша Кандраценка — «No Time to Cry»
  • KHAYAT — «HONOR»
  • FIЇNKA — «Культура»
  • KRYLATA — «STAY TRUE»
  • Ziferblat — «Bird of Prey»
  • ДК Энергетык — «Сіль»

Гурт Ziferblat удзельнічае ў адборы з кампазіцыяй «Bird of pray». Гэта іх другая спроба прадставіць Украіну на «Еўрабачанні». У мінулым годзе гурт заняў другое месца ў адборы, і сёлета многія называюць фаварытамі менавіта іх.

Гурт MOLODI выступіць з песняй «my sea». Ваня і Кірыл, удзельнікі гурта, прысвяцілі сваю конкурсную кампазіцыю страчанаму дому. Хлопцы родам з Марыупаля, які з 2022 года знаходзіцца пад акупацыяй Расеі.

Маша Кандраценка, вядомая многім па TikTok-хіту «Ванька-Встанька», прадставіць песню «No time to cry». Фанаты конкурсу і журналісты таксама называюць яе адной з фаварытак сёлетняга адбору.

Вызначэнне пераможцы

Пераможца нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне 2025» будзе вызначацца шляхам сумеснага галасавання прафесійнага журы і гледачоў. Прафесійнае журы складаецца з трох чальцоў, якіх абралі самі ўкраінцы праз галасаванне ў дадатку «Дія». У гэтым годзе ў склад журы ўвайшлі:

  • Джамала — пераможца «Еўрабачання 2016»;
  • Сяргей Танчынец — лідар гурта «БЕЗ ОБМЕЖЕНЬ»;
  • Кацярына Паўленка — фронтвумэн гурта «Go_A».

Гледачы змогуць галасаваць праз спецыяльны дадатак «Дія». Галасы прафесійнага журы і гледачоў будуць суміраваны, і канчатковы вынік вызначыць пераможцу адбору і прадстаўніка Украіны на «Еўрабачанні 2025» ў Базэлі.

Дзе глядзець адбор

Улічваючы палітыку Нацыянальнай Грамадскай Тэлерадыёкампаніі Украіны, арганізатара адбору, беларусы ў Беларусі змогуць паглядзець трансляцыю толькі на афіцыйным YouTube-канале «Еўрабачання» і толькі з перакладам на ангельскую мову. Для беларусаў замежжа даступна арыгінальная трансляцыя на ўкраінскай мове на афіцыйным YouTube-канале «Eurovision Ukraine». Пачатак трансляцыі запланаваны на 18:00 па кіеўскім часе.