Букмекеры зноў памыліліся: на «Еўрабачанні 2025» перамагла Аўстрыя

Вечарам 17 траўня ў Базэлі (Швейцарыя) прайшоў вялікі фінал 69-га конкурсу песні «Еўрабачанне 2025». Усе папярэднія прагнозы букмекераў, якія на працягу тыдняў дамінавалі ў медыя, абрынуліся ў адну ноч: перамогу святкавала Аўстрыя, другое месца заняў Ізраіль, трэцяе — Эстонія. А галоўныя фаварыты па ўсіх ставках — хлопцы з гурта KAJ, якія сёлета прадстаўлялі Швецыю, — апынуліся толькі на чацвёртым месцы.

Аўстрыйскі прадстаўнік JJ з песняй Wasted Love, згодна з каэфіцыентамі, займаў толькі другое месца ў прагнозах, але атрымаў наймацнейшую падтрымку ад журы — 258 балаў — і досыць высокія 178 балаў ад гледачоў. Гэта забяспечыла яму ўпэўненую перамогу з агульнай колькасцю 436 балаў. Ізраільская спявачка Yuval Raphael з кампазіцыяй New Day Will Rise, якая атрымала найвышэйшую ацэнку тэлеаўдыторыі ва ўсім свеце, заняла другое месца. З адставаннем толькі на адзін бал на трэцім месцы апынуўся Tommy Cash з Эстоніі з песняй Espresso Macchiato, якая яшчэ да пачатку конкурсу стала віруснай у сацыяльных сетках.

Перамога JJ — трэцяя ў гісторыі ўдзелу Аўстрыі на «Еўрабачанні». У 2014 годзе гэтую краіну прадстаўляла Conchita Wurst з песняй Rise Like a Phoenix, а ў далёкім 1966 годзе спявак і кампазітар Удо Юргенс з песняй Merci, Chérie прынёс Аўстрыі яе першую перамогу.

Фота выявы: Corinne Cumming / EBU