«Пед**кі і сатаністы». Беларускія прапагандысты пра «Еўрабачанне»

Пасля выключэння Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага вяшчальнага звязу (EBU) Беларусь не бярэ ўдзел у «Еўрабачанні» ужо трэці год запар. Але беларускія прапагандысты, мяркуючы па ўсім, па-ранейшаму застаюцца аднымі з самых пільных назіральнікаў гэтага конкурсу, хоць і намагаюцца давесці да сваіх чытачоў, што іх больш не цікавіць «Еўрабачанне».

Напрыклад, прапагандыст «Сталічнага тэлебачання» Рыгор Азаронак, які звычайна не цураецца ў сваіх выказваннях абразлівых словаў, пра «Еўрабачанне» у эфіры аўтарскай сваёй праграмы выказаўся дастаткова сціпла:

— Гледачы нашыя, дзякуй Богу, даўно забілі болт на «Еурабачанне». Нас там няма.

Але, нягледзячы на гэтае выказванне, ўвесь тыдзень, пакуль шоў конкурс, «Еўрабачанне» было адной з галоўных тэм у яго Telegram-канале. Не стрымаўся ад каментара і ягоны калега, прапагандыст «Сталічнага тэлебачання» Аляксей Дзермант, назваўшы «Еўрабачанне» поўным эстэтычным упадкам:

— Навошта нам падсоўваюць гэта? Потым, каб мы калектыўна ішлі ў пекла, каб усе здыхалі ў гэтым пекле.

Прапагандыстка Ксенія Лебедзева яшчэ 11 траўня прызналася сваім падпісантам, што даўно не глядзіць «Еўрабачанне», але мінуць конкурс таксама не змагла:

— Калі памірае нутро, толькі і застаецца, што мерацца сваімі сцёгнамі, выпускаць на сцэну пед**каў і сатаністаў, — напісала яна ў сваім Telegram-канале. — Добра, што там няма прадстаўнікоў Беларусі і Расіі.

Дадаткова яна паведаміла, што мае «прафесійную акадэмічную музычную адукацыю» і што яе настаўнікі прышчапілі ёй «іншыя каштоўнасці ў мастацтве».

Фота выявы: sb.by (медыя кантралюецца беларускімі ўладамі).