Сумная статыстыка. Толькі 7% беларусаў глядзелі трансляцыю «Еўрабачання»

Незалежнае апытанне, праведзенае Chatham House і апублікаванае 3 верасня, выявіла сумныя вынікі адносна стаўлення беларусаў да міжнароднага музычнага конкурсу «Еўрабачанне». У даследаванні ўдзельнічалі 827 рэспандэнтаў, якія, акрамя іншых пытанняў, таксама адказалі на пытанне, ці глядзелі яны «Еўрабачанне» ў траўні гэтага года.

Рэзультаты апытання здзіўляюць: 48% респондэнтаў не глядзелі конкурсу і не чулі пра яго нічога, у той час як 25% прызналіся, што не глядзелі, але маюць нейкія звесткі з навінаў. Далей, 20% людзей не глядзелі сам конкурс, але бачылі выступы некаторых удзельнікаў. І толькі 7% адказалі, што глядзелі трансляцыю «Еўрабачання».

Зніжэнне інтарэсу беларусаў да «Еўрабачання» можна звязаць з выключэннем Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага вяшчальнага саюза (EBU), што зрабіла немагчымым удзел Беларусі ў конкурсе. Напрыклад, у 2017 годзе, калі нашую краіну прадстаўляў гурт NaviBand, Белтэлерадыёкампанія пахвалілася, што стала лідэрам беларускага тэлевізійнага эфіру падчас фіналу конкурсу. Тады трансляцыю «Еўрабачання» паглядзелі 1 мільён 290 тысяч беларусаў. А некалькі тысяч білетаў на «Дзіцячае Еўрабачанне 2018», якое праходзіла ў «Мінск-арэне», былі распроданы ўсяго за 5 дзён.

Для параўнання, інтарэс беларусаў да чэмпіянату Еўропы па футболе выглядае больш аптымістычна. У даследаванні адзначана, што 41% не цікавіцца гэтым турнірам, 38% не супраць ведаць рэзультаты, але глядзець не збіраюцца, а 22% гатовыя глядзець трансляцыі матчаў, калі будзе вольны час.

Вынікі даследаванняў Chatham House уздымаюць пытанне, чым тады ўвогуле цікавяцца беларусы ў сучасных умовах. Сістэматычная прапаганда і маніпуляцыі з боку ўладаў могуць адцягваць увагу ад міжнародных падзей, у той час як расейскае тэлебачанне прапануе бясконцыя серыялы, скандальныя ток-шоў і аднабокі погляд на рэальнасць, што натуральна ўплывае на густы і прыярытэты гледачоў.

Адсутнасць трансляцый такіх мерапрыемстваў, як «Еўрабачанне», робіць іх менш даступнымі для шырокай аўдыторыі, і не ўсе гатовыя шукаць альтэрнатыўныя спосабы доступу да падобнага кантэнту. У такіх умовах у людзей фармуецца звужаны светапогляд, і іх інтарэсы паступова змяняюцца.

Фота выявы: Alma Bengtsson / EBU