Швейцарскі вяшчальнік SRG SSR абвясціў падрабязнасці пра сцэну, візуальнае і музычнае афармленні, а таксама пра білеты на конкурс, які адбудзецца ў наступным годзе ў Базэлі.
Сцэна натхнёная Альпамі
Дызайн сцэны для 69-га конкурсу «Еўрабачанне» стаў адным з ключавых момантаў падчас прэс-канферэнцыі, арганізаванай камандай праекта. За распрацоўку сцэны адказвае Фларыян Відэр, вядомы сваёй шматгадовай працай над сцэнаграфіяй конкурсу. У аснове канцэпцыі ляжаць вобраз швейцарскіх гор і моўная разнастайнасць краіны.
«Мы імкнуліся стварыць рэвалюцыйную сцэнічную канцэпцыю, якая стане сапраўдным пагружэннем для аўдыторыі. Упершыню гледачы змогуць адчуць сябе часткай «Еўрабачання» як ніколі раней», — падкрэсліў Відэр.
Кіраўнікі праекта Рэта Перыц і Морыц Штадлер назвалі сцэну «візітнай карткай Швейцарыі», якая будзе запамінальнай для ўсіх прыхільнікаў конкурсу.

Stage render for Basel 2025, eurovision.tv / SRG SSR
«Адзіныя сэрцы»: візуальнае і музычнае афармленні
Візуальнае і музычнае афармленні конкурсу распрацаваў арт-дырэктар Артур Дэйноў. У цэнтры канцэпцыі — тэма слухання, натхнёная традыцыямі швейцарскай дэмакратыі. Лагатып, які змяшчае б’ючае сэрца, адлюстроўвае ідэю дыялогу, адзінства і магутнасці музыкі. Аўдыяльнае афармленне спалучае сучасныя рытмы з традыцыйнымі швейцарскімі элементамі: ёдлем, гукамі барабанаў, хакбрэта і альпійскіх рогаў.
«Мы стварылі кампазіцыю, якая здольная ўзрушыць сэрцы: яна аб’ядноўвае энергію сучаснага бітa і гармонію швейцарскай спадчыны», — адзначыў Дэйноў.
Білеты: што трэба ведаць
Для набыцця білетаў на конкурс неабходна папярэдняя рэгістрацыя на платформе TicketCorner. Гэта зроблена для прадухілення спекуляцыі і забеспячэння магчымасці ўсім жадаючым трапіць на шоу. Рэгістрацыя доўжыцца да 10 студзеня 2025 года, а першы продаж білетаў стартуе 29 студзеня 2025 года. Кошт будзе вар’іравацца ад 40 да 350 швейцарскіх франкаў.
Нагадаем, што 69-ы конкурс песні «Еўрабачанне 2025», у якім прымуць удзел 38 краін, адбудзецца 13, 15 і 17 мая ў Базэлі, Швейцарыя.