Двойчы пераможца «Еўрабачання» Loreen выступала ў падтрымку Алеся Бяляцкага яшчэ ў 2012 годзе

У 2012 годзе, пасля сваёй першай перамогі на «Еўрабачанні», швэдская спявачка Loreen публічна выступала ў падтрымку старшыні ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага, які тады таксама знаходзіўся ў зняволенні з палітычных прычынаў.

Як нагадвае spring96.org, Loreen у 2012 годзе наведала Менск і сустрэлася з жонкай палітвязня Алеся Бяляцкага Наталляй Пінчук, праваабаронцам Валянцінам Стэфановічам і журналістамі, каб больш даведацца пра лёс беларускіх палітвязняў і сітуацыю ў Беларусі. Loreen тады пакінула аўтограф для Алеся Бяляцкага з тэкстам: «Трымайцеся свайго сэрца і розуму!».

Loreen на сустрэчы з праваабаронцамі і журналістамі ў Менску, 2012 год. Крыніца: архіў Белсату

Таксама спявачка падпісала петыцыю кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі». Бяляцкі тады даслаў спявачцы са зняволення ліст з падзякай.

Дарагая Ларын!
Хачу вельмі падзякаваць за тую маральную падтрымку, якую Вы аказалі мне ў мінулым годзе падчас наведваньня Менску і ў гэтым годзе падчас міжнароднай сустрэчы праваабаронцаў у Стакгольме.
Мне вельмі прыемная чыста чалавечая ўвага з Вашага боку да майго лёсу і лёсу маёй сям’і. Хачу Вам сказаць, што пастаянная падтрымка мяне, маёй жонкі і сына дазваляе мне прасьцей пераносіць тую складаную сітуацыю, у якой я зараз знаходжуся. Але ў падтрымцы маюць патрэбу і яны. Таму для мяне была такою важнаю Вашая сустрэча з маёй жонкаю Наталяй. Сваёй увагаю і адкрытай пазіцыяй да правоў чалавека Вы ламаеце стэрэатып эстраднай сьпявачкі, які склаўся ў нас у лепшы бок. Я таксама люблю ламаць стэрэатыпы, і тут мы з вамі сходныя. Цэлы год час ад часу па мясцовым радыё перадавалі Вашую песьню. І кожны раз я атрымліваў ад Вас часьцінку Вашай энэргіі.

Бязьмежна ўдзячны,
з павагаю,
Алесь Бяляцкі

Валянцін Стэфановіч, Loreen і Наталля Пінчук, 2012 год. Крыніца: архіў Белсату

Сёлета Loreen зноў перамагла на «Еўрабачанні», а Алесь Бяляцкі зноў знаходзіцца за кратамі. Пазбаўлены волі таксама Валянцін Стэфановіч, які ўдзельнічаў у сустрэчы са спявачкай у Менску ў 2012 годзе.

Выява навіны: Corinne Cumming / EBU